ЗАМЯШЧЭ́ННЕ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца з абменам атамаў ці груп атамаў у малекуле на інш. атамы ці групы. Найб. пашыраны ў арган. хіміі.

З.р. наз. звычайна па назве атама ці групы атамаў, якія ўваходзяць у малекулу субстрату: алкіліраванне, ацыліраванне, азаспалучэнне, нітраванне і інш. Да З.р. адносяцца абменныя рэакцыі, у якіх адным з рэагентаў з’яўляецца растваральнік (напр., аманоліз, гідроліз), і кандэнсацыі рэакцыі, калі ў працэсе замяшчэння адымаецца якая-н. простая неарган. (напр., вада) ці арган. (напр., этылавы спірт) малекула. У хіміі неарганічных злучэнняў З.р. — рэакцыі паміж простым і складаным рэчывамі, напр., выцясненне металу з воднага раствору солі пад уздзеяннем інш. металу: Fe + CuSO4 = FeSO4 + Cu.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)